ПРАБІ́РНЫ АНА́ЛІЗ,

метады вызначэння колькасці высакародных металаў (пераважна серабра і золата) у рудах, прадуктах іх абагачэння, сплавах і розных вырабах, у т. л. ювелірных. Заснаваны на сплаўленні пробы даследуемага матэрыялу з сухімі парашкападобнымі рэагентамі і наступным гравіметрычным аналізе атрыманага сплаву. Пробу ювелірных вырабаў (гл. Проба высакародных металаў) звычайна вызначаюць без парушэння іх цэласнасці: параўнаннем ліній, прачэрчаных вырабам і эталоннымі (т.зв. прабірнымі) іголкамі вядомага саставу на прабірным камені (брусок з чорнага або рудога тонказярністага крамяністага сланцу).

т. 12, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)